Сляпы мастак

pen-centre.by · Алесь Разанаў - Сляпы мастак

Трымаючыся за платы, спатыкаючыся аб
каменне, правальваючыся ў свежа насыпаныя
магілы сваіх сяброў, ён ідзе ў той даўні, далёкі,
вясновы сад, што некалі цвіў ад зямлі да неба i
прысвячаў яго ў неўміручасць i ў якім ён, яму
здаецца, нешта забыў.

З таго, што ён маляваў, паўставалі карціны,
што мелі свае памеры, попыт i кошт, аднак ён сам
маляваў не ix, а тое, што запыняла ўвагу i
падавала голас i чаго ён дарэшты не мог убачыць
i зразумець.

Белае бегла ў свет i вабіла за сабою, чорнае
моўчкі малілася каля сцяны, чырвонае ўрушва-
лася ва ўчынкі, жоўтае жала з’яву, зялёнае слу-
хала казку, блакітнае абяцала, сіняе спраўджвала
сны.

I хоць ніколі потым ён больш не быў у садзе,
сад незаўважна заўсёды стаяў у яго за вачамі,
нібы ён сам быў адно адмысловай прыладай, як
пэндзаль ці фарбы, a маляваў насампраўдзе сад.

Ён ідзе тым, што здзейснілася, i невідуш-
часць знаходзіць дарогу, што скончылася, а
прыйдзе — паўстане між дрэў, i дрэвы абступяць
яго, як сябры, i нейчыя рукі спагадна ў рукі яму
давацьмуць спелыя, пахкія, шчодрыя падарункі –
плады.