Вечар успамінаў (урывак з рамана “План Бабарозы”)

pen-centre.by · Павал Касцюкевіч - Вечар успамінаў (урывак з рамана "План Бабарозы")

Пасля пяці гадоў адседкі Дзедвасілій прыдбаў такую зэкаўскую завядзёнку: перад уваходнымі дзвярмі, проста на кілімок, ён паверху ахайна сцяліў беласнежную анучу. І цяпер госці, якія хадзілі да Дзедвасілія на вуліцу Лодачную, стаялі перад дылемай: наступіць на анучу ці пераступіць яе. З аднаго боку, здаецца, яе тут і паклалі, каб госці выціралі ногі, і пераступаць яе было як мінімум няветліва ды наносіўся бруд у хату, з іншага – людзям рабілася шкада і, самае галоўнае, сорамна псаваць яе беласнежнасць.

Пасля сыходу гасцей Дзедвасілій адчыняў дзверы і ўсяляк тую анучу абглядаў сваім адным-адзіным вокам. Калі на ёй заставаліся сляды, дык з нейкай такой асалодаю ён цягнуў: “Паску-у-дзіш, сука!” Калі ж слядоў не было, бо анучу пераступілі, дык Дзедвасілій з няменшаю ўсцешанасцю выгукаў: “Грэ-э-эбуеш, сука!”.

Гэткі здзек над чалавецтвам працягваўся з 35-га па 37-мы год, кожны божы дзень, ажно да самага моманту Дзедвасілевай смерці.

Чарговы раз пачуўшы гэтую сямейную гісторыю пра Дзедвасілія і яго выбрык, сёння вечарам я ўрэшце запытаў у мамы, у чым цымус, і дзе тут было з анучаю выйсце, каб можна было пазбегнуць Дзедвасілевага здзеку. Мама здзіўлена ўскінула брыво, доўга-доўга глядзела на мяне, нібыта не пазнавала, і ўрэшце адказала:

– Ігар, а хто табе сказаў, што ў жыцці заўсёды ёсць выйсце?

А тата паведаміў:

– Сынок, усе ведаюць, што за гэты выбрык Дзедвасілія прыбраў Чорт.

– Ча-го?!

Ніколі раней, ні пры якіх акалічнасцях, нізавошта бацькі не аперавалі гэткімі катэгорыямі! Бацькі шанавалі найперш дзесловы. “Схадзіў”, “зрабіў”, “пачакаў”, “пашукаў”, “паспеў” – толькі і чуў я ад іх раней. А назоўнікі, пагатоў такія гучныя як “чорт”, “Бог”, “жыццё”, “выйсце” ў іх слоўнік ніколі не патраплялі.

– А-ну, паўтары! Я-кі такі чорт, тата?

– Звычайны такі, – адказаў тата і, пачухаўшы свой барадзіска, закінуў галаву і задумліва уперыўся ў столь. – З рагамі і хвастом.

Калі ён зноў апусціў вочы, я зазірнуў у іх цяпер больш уважліва – яны не смяяліся. “Сёння вечарам бацькі яўна не ў сабе”, – падумаў я.

А тата прыпусціў далей.

– Ну, мяркуй, сынок сам. Пастаў сябе на месца Чорта. 37-мы год. Ты лётаеш ў сваіх справах па вуліцы Лодачнай на чорным варанку ў кампаніі чэкістаў, што займаюць сядзенні побач. Працы за гланды. Лодачная-“амерыканка”-Курапаты-Лодачная-“амерыканка”-Курапаты. І тут, падчас чарговага рэйду ў чарговую кватэру ты заўважаеш сляпуча-белую анучу перад парогам. Ты прыгледзіўся… Запаволіў хаду… Так і бачу цябе, рагатага, хі-хі, стаіш як укапаны ля парога. Адпрэчыўшы свае пільныя дэманічныя клопаты. Абглядаеш анучу. Усяляк ацэньваючы сітуацыю сваімі страшнымі жоўтымі вачыма з вертыкальнымі зрэнкамі. Развязваеш невырашальную галаваломку, так ці гэтак.

Я адвярнуўся:

– Не хачу ставіць сябе на месца чорта, тата!

Але тата не адчапляўся:

– І што заставалася гаротнаму Чорту рабіць, вось скажы мне, сынок? У яго та зорным статусе самаго князя цемры? Не, ты, сынок, сам скажы! Наступіць? Пераступіць? Як паводзіцца, напрамілы Божа?!

Тата зрабіў велічную паўзу.

– І вось урэшце, сынок, Чорт прыняў адзінае годнае, адзінае прымальнае для сваёй падмочанай рэпутацыі рашэнне. Не заходзячы ў хату, пацёг да сябе стваральніка невыкруткі, Дзедвасілія. На скорую руку, абы-як, запраторыў у свае змрочныя хорамы таго, хто пры дапамозе нікчэмнага кавалка тканіны здолеў ператварыць увесь людскі род разам з Ім Самім у безумоўных дурняў, а ў увесь наш свет – у несканчоную бяссэнсіцу.

– А?!

– Але калі так падумаць, – працягваў тата, не зважаючы, – дык гэтая смерць была поўнай капітуляцыяй Чорта перад Дзедвасіліям і яго анучай, які назлосць усім чорным планам і спадзяванням на турэмныя катаванні памёр, так бы мовіць, натуральнай смерцю.

Вось такую гісторыю распавёў тата. Тата! Фізік-тэарэтык, чыім найвялікшым метафізічным словаблудам колісь была жартоўная фраза: “Атамы паўстаўляныя ў малекулы, як ізюм ў кекс”.

– Тата-тата, які яшчэ чорт? Ніякага чорта няма!

– Ёсць! Бо як інакш растлумачыць гэтую раптоўную смерць Дзедвасілія?

Так, канец быў раптоўны, не спрачаюся. Знянацку Дзедвасілій, выраніўшы лыжку, на вачох сямейнікаў уваліўся тварам у гарачы рондаль з падобным да баланды супам, які ён сам толькі што і прыгатаваў, і больш ужо не падняўся. Пасцяліўшы быў сваю выславёную белую анучу перад парогам, тым днём Дзедвасілій з хлебам-соллю чакаў нейкага сваяка з Гомеля. Расчараваных чэкістаў праз пяць хвілін сустрэў ужо халодныя труп і суп. У моргу, канечне, зафіксавалі банальны абрыў тромба.

У гэты вечар успамінаў бацькі разгуляліся як мыш пад венікам. Відаць, пнуліся ператварыць мяне ў безумоўнага дурня, а ў увесь мой свет – у несканчоную бяссэнсіцу, бо мама працягнула:

– Вось, Ігар, паслухай. Ёсць такі стары марскі выраз “уцякае, як пацук з тонучага карабля”. Дык вось, у мяне пытанне. Куды той пацук уцячэ, хочацца ведаць? Вакол жа мора!